Гістарычныя і сучасныя формы заключэння шлюбу на Беларусі

Тех. поддержка on 12.09.2013

Першае ўпамнанне аб формах заключэння шлюбу ва ўсходніх славян на тэрыторыі Беларусі сустракаецца ў « Аповесці мінулых гадоў», дзе апісан абрад умыкання дзяўчыны,  якое ажыццяўлялася, як відаць, з яе згоды. Адначасова, побач з умыканнем, ва ўсходніх славян у перыяд ранняга феадалізму, існаваў “шлюб-прывод” з элементамі папярэдняй дамоўленнасці. Дзе, вядучая роля пры заключэнні шлюбу належыла бацькам і сваякам.

На землях старажытнай Русі хутчэй за ўсё сустракалася і такая форма заключэння шлюбу, як «купля жонак», калі за жанчыну жаніх і яго радня плацілі яе бацькам і роду своеасаблівы выкуп — «вено». Аднак у некаторых старажытных крыніцах тэрмін «вено»выкарыстоўваецца ў сэнсе «прыданае», што ставіць пад сумненне існаванне «куплі-продажу» нявест на землях старажытнай Русі. Беларускі этнограф А. М. Міцкевіч у свой час сцвярджаў, што «самай старажытнай і асноўнай формай шлюбу была дагаварная форма паміж родамі, якая ўзнікла разам з узнікненнем парнай сям’і ў эпоху мацярынскага роду. Пры гэтым нявесты выбіралі сабе жаніхоў, якіх і прыводзілі да сябе ў род. У эпоху патрыярхата побач са старымі дагаварнымі формамі шлюбу пачалі бытаваць формы ўмыкання і так званыя куплі нявест».Беларускае вяселле

Пасля прыняцця ў 988 г. на землях Русі хрысціянства моцны ўплыў на формы шлюбу пачалі аказваць органы царкоўнай улады, што абапіраліся ў асноўным на візантыйскае шлюбнае права і імкнуліся прысвоіць сабе манаполію на заключэнне шлюбу. Паралельна трансфармаваліся старадаўнія сямейна-шлюбныя звычаі і абрады і з’яўляліся новыя, такія, напрыклад, як шлюбны зговар. Атрымаўшы згоду жаніха і нявесты, іх бацькі дамаўляліся аб памерах прыданага, назначалі дзень вяселля. Пасля адбывалася застолле ў хаце бацькоў нявесты, у час якога елі пірог (каравай), кашу і сыр. Вялікую ролю ў гэты перыяд пачало адыгрываць маёмаснае становішча нявесты, у сувязіз чым яе лёс часцей за ўсё вырашалі бацькі і радня, хоць інтарэсы жанчыны, яе прыхільнасць ці непрыхільнасць да будучага мужа ўсё ж улічваліся.

Права жанчын на свабоду пры заключэнні шлюбу было юрыдычна замацавана ва «Ўставе князя Яраслава Мудрага». Згодна з некаторымі яго артыкуламі, на бацькоў накладваўся штраф у тых выпадках, калі дачка канчала жыццё самагубствам з-за прымусовага шлюбу, або калі дзеўка хацела зажуж, а бацька і маці не пускалі. Мяркуючы па сведчаннях гістарычных крыніц, у гэты перыяд у асяроддзі ніжэйшых саслоўяў асабістыя сімпатыі пры выбары спадарожніка жыцця ўлічваліся яшчэ ў большай ступені. У канцы XIII ст. шлюбны зговар пачаў пісьмова фіксавацца ў шлюбным дагаворы, які складалі сваты або сваякі, звесткі пра што знаходзім і ва «Ўставе Яраслава Мудрага», і ў некаторых берасцяных граматах”. Царкоўнае абручэнне стала заключнай часткай шлюбнага дагавора.

Царква на землях раннефеадальнай Русі забараняла вянчаць дзяўчат маладзей за 12 гадоў, а хлопцаў — за 14, шлюбы рускіх з іншаверцамі, не ўхваляла шлюбы прадстаўнікоў розных сацыяльна-класавых слаёў, строга забараняла шлюбы паміж сваякамі, абмяжоўвала лік замужастваў (жаніцьбы) да двух.

Царква яшчэ болей узмацніла свой уплыў на шлюбныя звычаі, жорстка ўзаконіўшы толькі царкоўнае вянчанне. Царкоўныя законы прадугледжвалі пакаранні жаніха пры яго адмове ад нявесты, бацькоў — за прымусовую ці несвоечасовую выдачу дачок замуж і інш.

Асабліва цяжкі лёс чакаў дзяцей, якія нарадзіліся ад нявенчаных шлю-баў, бо іх праследвала не толькі царква, але і феадальнае грамадства. Гэтыя дзеці былі абмежаваны ў спадчынным праве, у грамадзянскіх правах і свабодах. Аднак на беларускіх землях яшчэ ў XIV—XVI стст. сустракаліся і нявенчаныя шлюбы. Сватанне ў XVI ст., па сведчанню Яна Ласіцкага, адбывалася так. «Шлюб бяруць так. Юнак, якому спадабалася якая-небудзь дзяўчына, пасылае трох-чатырох сваякоў да яе бацькоў, якіх яны пераконваюць аддаць дачку. Бацькі ж, каб яшчэ болей падахвоціць жаніха, гавораць, што нічога з гэтага не атрымаецца, выдумляюць сватам якую-небудзь сур’ёзную прычыну. Жаніх, пацярпеўшы такую няўдачу, робіць цяпер інакш. Ён вырашае завалодаць дзяўчынаю сілай і падбірае для гэтага зручны момант. I вось, калі дзяўчына выходзіць выпадкова з бацькоўскага дому, памагатыя жаніха, якія хаваліся ў засадзе, ловяць яе, чаго яна ніяк не чакае і таму не асцерагаецца, і перадаюць, як паляўнічыя здабычу, жаніху. Пасля таго, як ён пазбавіць яе дзявоцкасці, ужо другія пасланцы жаніха дастаўляюць яе да бацькоў. Пасланцы часткова прызнаюць віну, але адначасова апраўдваюць учынак жаніха моцным каханнем».

Агульнабеларускім сімвалам згоды і дамоўленасці было распіванне бутэлькі гарэлкі. У выпадку адмаўлення самой нявестай пакрыўджаныя сваты лілі на петлі дзвярэй па некалькі кропель гарэлкі, прынесенай з сабой, каб дзеўка ніколі замуж не выйшла. Здаралася, што дзяўчына, ад-мовіўшы сватам, перадумвала. У гэтым выпадку пасля таго, як яны пакідалі хату, яна выносіла таўкач і клала яго на ганку. Лічылася, што тады сваты абавязкова вернуцца и паўтораць прапанову.  Трэба адзначыць, што ў беларусаў існавала нямала сімвалічных знакаў і дзеянняў, якія сведчылі аб згодзе або нязгодзе нявесты на шлюб Так, найбольш распаўсюджаным сімвалам згоды на шлюб на ўсёй тэрыторыі Беларусі лічылася прыманне дзяўчынай хлеба ад сватоў і выпіванне чаркі гарэлкі, паднесенай імі. У выпадку згоды сваты пакідалі ў хаце нявесты прывезеную імі гарэлку да наступнага прыезду.У сваты ездзілі да трох разоў. У другі раз прыязджалі абавязкова з жаніхом, коні былі ўпрыгожаны шархунамі, а хвасты падвязаны. Хто-небудзь з хатніх ці сама нявеста запрашалі да сябе блізкіх сваякоў і сябровак. Сват, наліўшы ў чарку гарэлкі, выпіваў за нявесту, затым клаў у чарку грошы, зноў напаўняў яе ад імя жаніха і падаваў нявесце. Крышачку адпіўшы, яна рэшту вылівала ў свой фартух, які трымала ў левай руцэ, або пад стол, а грошы забірала. Гэта называлася «запіці» дзеўку. Наступную чарку з гарэлкаю нявеста перадавала свайму бацьку, які выпіваў («піў магарыч»), што азначала згоду на шлюб дачкі. Сват і бацька нявесты паціскалі адзін аднаму рукі, папярэдне накрыўшы іх ручніком. У гэты час нявеста выходзіла да сябровак у камору. Сват накрываў талерку хустачкай, ставіў на яе напоўненую чарку і ішоў у камору. Падышоўшы, тройчы гаварыў: «Добры вечар. Ці любіце нас і тавар наш?» Сяброўкі адказвалі: «Любім вас і тавар ваш». Сват браў адну з дзяўчат за руку, вёў у хату і пытаў прысутных: «Ці харош тавар?» Прысутныя адказвалі: «Харош, ды не наш». Так сват рабіў двойчы, а за трэцім разам прыводзіў нявесту, на што прысутныя гаварылі: «Тавар харошы і наш». Нявеста выпівала прынесеную сватам чарку, клала на талерку хустачку, ішла да стала і скідвала яе ў прыпол кашулі жаніха (Быхаўскі і Рагачоўскі паветы). У іншых месцах перад ад’ездам сватоў маці нявесты давала ім загорнуты ў ручнік хлеб. Паводле народнага меркавання, каб мацней прываражыць жаніха, што вельмі спадабаўся дзеўцы і яе бацькам, трэба было кінуць пад ногі сватам стары невад: калі сваты заблытаюцца — вяселле абавязкова адбудзецца (Гродзеншчына, Мядзельшчына).  У прывілеяваных кругах гарадского грамадства ў XIX — пачатку XX ст. было прынята, каб мужчына прасіў рукі ў бацькі дзяўчыны, а не засылаў сватоў. Пры перамовах аб памеры пасагу нявеста не прысутнічала. Пасля прыняцця прапановы абедзве сям’і пісьмамі абвяшчалі сваю радню, сяброў і знаёмых аб маючым адбыцца шлюбе сваіх дзяцей. На атрыманыя паведамленні абавязкова адказвалі гарачымі віншаваннямі, хоць у душы маглі не адабраць гэты саюз. У бліжэйшую пасля сватання нядзелю маладыя абавязкова ехалі да святара, каб апавясціць яго аб будучым шлюбе («даць на запаведзі»). Часам нявеста брала з сабою брата, а жаніх — першага шафера, і ехалі разам, пры гэтым дзяўчына абавязкова рыхтавала ў дарогу вузельчык з ежаю. Святар тры разы на нядзельных службах паведамляў аб маючым адбыцца шлюбе і рабіў адпаведныя запісы ў кнізе шлюбных вобыскаў ці метрычнай кнізе. Кожны чалавек, прысутнічаўшы ў дадзены момант, мог выказаць сваё меркаванне, паведаміць якія-небудзь кампраметуючыя звесткі пра жаніха ці нявесту, або іх бацькоў. У такіх выпадках святар мог і забараніць шлюб. У горадзе святар адзін раз у бліжэйшую нядзелю перад вянчаннем урачыста абвяшчаў пасля літургіі аб вянчанні пэўнай пары.Важнае месца ў комплексе звычаяў і абрадаў сватання займалі агледзіны («да-мовіны», «разглядзіны», «умовіны»), калі бацькі засватанай дзеўкі ехалі ў госці да бацькоў жаніха, каб пазнаёміцца на месцы з умовамі, у якіх павінна была жыць іх дачка. Калі бацькоў нявесты задавальняла ўсё ўбачанае, тады ладзілася застолле, дзе дамаўляліся пра пасаг і заручыны. Калі ж не — тады бацькі дзеўкі адмаўляліся выдаць дачку замуж у гэту сям’ю і вярталі жаніху тое, што  было выдаткавана на запоіны.   Новыя тэндэнцыі ў звычаях і абрадах прадвясельнага цыкла, ды і вясельнага таксама, пачалі з’яўляцца пасля рэвалюцыі ў 1917 г. Савецкая дзяржава ўстанавіла грамадзянскае бытавое заканадаўства, паводле якога былі замацаваны роўныя правы мужа і жонкі як пры заключэнні шлюбу, так і пры яго скасаванні. Савецкае грамадзянскае заканадаўства аб сям’і і шлюбу з’явілася важнейшай умовай, першаасновай для фарміравання новага быту, новых сямейна-бытавых адносін, для ўзнікнення новых звычаяў і абрадаў Моладзь, ахопленая энтузіязмам разбурыць усё старое, у тым ліку і сямейную абраднасць, і стварыць абсалютна новую, пралетарскую, сама выбірала сабе спадарожнікаў жыцця, не раячыся з бацькамі. Галоўнай умовай для заключэння шлюбу стала лічыцца ўзаемнае каханне, адзінства рэвалюцыйных поглядаў на жыццё, уяўленняў аб ідэалах.  Сталі надзвычай папулярныя шлюбы паміж маладымі людзьмі,  выхадцамі з розных сацыяльных слаёў. Ідэалам жанчыны станавілася сацыяльна актыўная жанчына-працаўніца, грамадскі дзеяч, якая не жадала пасіўна чакаць, пакуль яе выбяруць (засватаюць), а сама актыўна шукала будучага мужа. Асабліва гэта датычылася гарадской моладзі. У вёсках хлопцы і дзяўчаты, што хацелі стварыць сям’ю, больш прыслухоўваліся да парады бацькоў.  У 1970-я гг., на агульнай хвалі цікавасці да нацыянальнай беларускай абраднасці, былі спробы адрадзіць некаторыя элементы сватання і заручын у ЗАГСах рэспублікі. Гэты абрад праводзіўся ў г. Мінску, у дамах грамадзянскіх абрадаў г. Гродна, Віцебска, Салігорска, Барыса-ва і іншых за тры-чатыры тыдні да рэгістрацыі шлюбу і закліканы быў дапамагчы маладым людзям праверыць сур’ёзнасць сваіх пачуццяў, уберагчыся ад няправільных, неабдуманых рашэнняў і звязаных з гэтым расчараванняў. У вёсцы працягвалі бытаваць значна рэдуцыраваныя звычаі сватання, калі пасля таго, як маладыя людзі самі даўно аб усім дамовіліся, бацькі жаніха ішлі з гарэлкай у госці да бацькоў нявесты і ў час застолля дамаўляліся аб даце і іншых аспектах правядзення вяселля. Беларускія этнографы, сцвярджалі, што ў сельскай мясцовасці ў сувязі з новым характарам шлюбных адносін адышлі ці скараціліся некаторыя звычаі, што папярэднічалі вяселлю. Напрыклад, зусім не робіцца агляд маёмасці жаніха бацькамі нявесты — агледзіны, амаль зніклі ці скараціліся рытуалы сватання, губляючы свой ранейшы сэнс, запоіны і заручыны.  У 1990-я гг., ва ўмовах карэннай ломкі сацыяльных і эканамічных структур, абумоўленай сацыяльна-эканамічнай і палітычнай трансфармацыяй беларускага грамадства дзяржавы, што адбываецца пасля распаду Савецкага Саюза, з’явіліся новыя рысы ў прадвясельных звычаях і абрадах. Зараз прынята, асабліва ў беларускіх гарадах, каб хлопец прасіў рукі ў бацькоў дзяўчыны. Вельмі часта ён у гэты дзень дарыць будучай нявесце заручальны пярсцёнак і падарунак будучай цёшчы. У доме бацькоў нявесты ладзіцца невялікае застолле, дзе бацькі, спытаўшы думку дачкі, даюць сваю згоду на шлюб. Тут жа дамаўляюцца, калі несці заяву ў органы ЗАГСа, і вызначаюць прыкладна дату рэгістрацыі шлюбу і вяселля. I ў горадзе, і ў вёсцы зараз актыўна вядуцца перамовы аб пасагу, які дадуць і бацькі нявесты, і бацькі жаніха для будучага сумеснага жыцця іх дзяцей. У час сватання папярэдне вырашаюць, дзе будзе жыць маладая сям’я, хто і як будзе ёй дапамагаць, у тым выпадку, калі яна не можа напачатку забяспечыць сябе матэрыяльна.  Вельмі распаўсюджанымі на Беларусі ў апошнія гады сталі разнастайныя шлюбныя агенствы («грамадскія свахі»), праз якія ажыццяўляецца знаёмства маладых людзей, асабліва з прадстаўнікамі далёкага замежжа. Назіраецца небывалая актыўнасць прадстаўніц слабага полу ў пошуках спадарожніка жыцця, асабліва іншаземца. Пры гэтым жанчыны карыстаюцца не толькі паслугамі вышэй названых шлюбных агенстваў, але і адпаведнымі аб’явамі ў газетах, часопісах, іншых інфармацыйных сродках, асабістымі кантактамі и парадамі сяброў.

Уважаемые молодожёны и их родители! Внесите маленькую изюминку в свою свадьбу. Закажите  для себя и своих гостей экскурсию в день свадьбы на 2-3 часа ,  в радиусе 30 км. от  Минска. Ваша фото сессия  пройдёт куда интереснее. Смена пейзажей, дорог, памятников, да ещё с многочисленными друзьями и любимыми родственниками – что может быть приятней в этот день.  А экскурсовод поможет узнать свой край. Турфирма  Myland  поможет Вам разработать индивидуальный  маршрут экскурсии.

Заказать экскурсию или тур по Минску и Беларуси: